21 лютага - святочны дзень. У кожнага насельніка планеты ёсць нагода да свята, бо ў любога з нас ёсць мова, якую з цеплынёй і пяшчотай называем роднай і матчынай. І ў кожнай з моў свету сёння афіцыйнае свята – Міжнародны дзень роднай мовы.
Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Але, здаецца, гэта нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова.
Няхай нават сёння яна — моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць.
Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.
21 лютага — яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам.
Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. І не падчарка яна тут, а паказвае на спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.
Навучэнцы нашага каледжа не змаглі застацца безудзельнымі. Сапраўды святочнай атрымалася сустрэча навучэнцаў групы №112 ва ўтульнай бібліятэцы нашага каледжа з супрацоўнікамі раённай бібліятэкі. Клапатоўская Ірына Іосіфаўна, Туруцька Лілія Кірылаўна, Клапатоўская Вераніка Валер’еўна выступілі з літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Беларускай мовы рысы непаўторныя”. Падчас сустрэчы навучэнцы разгадвалі загадкі, працягвалі прыказкі.
Інфармацыйная гадзіна для навучэнцаў групы № 107 прайшла ў форме літмантажу “Гімн роднай мове”. З вуснаў хлопцаў прагучалі вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя роднай мове.
Усе навучэнцы і супрацоўнікі каледжа з цікавасцю глядзелі відэаролікі он-лайн конкурсу “Зрабі крок наперад”.
Пераход на родную мову ў навучанні ды стасунках нават на адзін дзень пакінуў шмат эмоцыяў ды ўражанняў у навучэнцаў каледжа.