Ці многа патрэбна людзям “залатога ўзросту”? Шчыра скажу – многа. І не толькі здароўе, але і ўвага, і павага, і цеплыня, і шчырасць, а таксама многа станоўчых эмоцый і ўражанняў. Менавіта, усё гэта мы атрымоўваем на, стаўшых ужо традыцыйнымі, творчых сустрэчах у бібліятэцы Кобрынскага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Вось і ў гэтым навучальным годзе супрацоўнікі бібліятэкі запрашалі нас, удзельнікаў гісторыка-краязнаўчай секцыі Кобрынскага Універсітэту залатога ўзросту, на два цікавых мерапрыемствы, прысвечаных жыццёваму і творчаму лёсу нашых землякоў мастакоў-самародкаў, прадстаўнікоў наіўнага мастацтва – Анатолію Галушка з івацэвіцкага раёна, які, будучы інвалідам, засвоіў тэхніку акварэльнага і маслянага жывапісу, але малюе зубамі і нагамі, і нашаму кабрынчаніну Міраславу Амельянюку, таксама мастаку-інваліду, які свае непаўторныя акварэлі пісаў нагою.
Апошняя сустрэча з чароўнымі жанчынамі-бібліятэкарамі Ірынай Пракапюк і Ірынай Кастровай адбылася якраз напярэдадні 8 сакавіка. Яны прапанавалі нам, прафесійна падрыхтаваную, прэзентацыю тэмы “Подзвіг маці”, аб жыццёвым лёсе Ларысы Уладзіміраўны Амельянюк, якая ахвяравала сваё жыццё дзеля свайго сына-інваліда. Яе жыццёвы подзвіг да самай глыбіні душы ўзрушыў кожнага з нас, сталых людзей, многа бачыўшых у сваім жыцці.
Гэта быў урок сардэчнасці, прабуджэння ў чалавеку найлепшых якасцяў – ахвярнасці, любові да бліжняга, спагады і спачування. “ А якімі патрэбнымі з яўляюцца такія ўрокі чалавечнасці для навучэнцаў каледжа, разам з якімі яны рыхтуюцца і праводзяцца!”, - выказвалі свае думкі госці.
Нам хочацца выказаць шчырыя словы ўдзячнасці гэтым цудоўным жанчынам – інтэлектуалам і сапраўдным інтэлігентам, творчым, пазітыўным і, адначасова, сціплым працаўнікам, за іх унёсак у выхаванне моладзі і тую асалоду і станоўчыя эмоцыі, якія мы атрымалі на, ўжо стаўшых традыцыйнымі, творчых сустрэчах у іх бібліятэчнай чытальнай зале. Жадаем ім здароўя, творчых поспехаў і чакаем новых сустрэч.
Ірына Сіманава, кіраўнік гісторыка-краязнаўчай секцыі Універсітэта залатога ўзросту.